ХАРВА́ЦКАЯ МО́ВА,

адна са славянскіх моў (паўд.-слав. група). Вядома таксама пад назвамі серб(ск)ахарвацкая, харвацкасербская, што з’яўляецца адлюстраваннем асаблівасцей гіст. і сац.-паліт. развіцця паўд. славян у 19—20 ст.: прыняцце харватамі і сербамі на хвалі нац.-вызв. барацьбы 19 ст. агульных асноў літ. мовы на базе сербскіх штокаўскіх гаворак, а пазней — выкарыстанне ў дзяржаве Югаславія (1918—91) агульнай мовы харватаў, сербаў, чарнагорцаў і мусульм. часткі жыхароў Босніі і Герцагавіны (нашчадкаў этн. славян, якія ў час тур. панавання прынялі іслам). З 1991 за харвацкім і сербскім варыянтамі заканадаўча замацаваны статус сербскай мовы (у Саюзнай Рэспубліцы Югаславія, з 2003 Сербія і Чарнагорыя) і Х.м. (у Рэспубліцы Харватыя).

Мае дыялекты: наваштокаўскі, чакаўскі, кайкаўскі. Х.м. ўласцівы: у фанетыцы — адсутнасць рэдукцыі ненаціскных галосных, у сістэме кансанантызму не развіта мяккасць, цвёрдыя зычныя не змякчаюцца перад галоснымі пярэдняга раду, звонкія зычныя на канцы пераважна не аглушаюцца, націск політанічны (4 тыпы); у марфалогіі — 3 асн. тыпы скланення назоўнікаў, клічны склон у адзіночным ліку, выяўленне катэгорыі адушаўлёнасці толькі ў адзіночным ліку мужчынскага роду, скланенне запазычаных назоўнікаў і абрэвіятур, складаная сістэма спрагальных і неспрагальных форм дзеяслова; у сінтаксісе — свабодны парадак слоў у сказе, рэгламентуецца толькі месца і паслядоўнасць ужывання энклітык; у лексіцы — істотны герм. і раманскі ўплыў на раннім этапе развіцця мовы, стварэнне замест новых запазычанняў з неслав. моў новых слоў на базе элементаў сваёй мовы або запазычанне лексікі з блізкароднасных моў, пераважна з чэшскай.

Першыя пісьмовыя помнікі: глагалічны тэкст дарчага надпісу, высечаны на Башчанскай пліце (каля 1100), глагалічны рукапіс рэліг. зместу «Венскія лісткі» (12 ст.). У аснове харвацкай лацініцы (гаіцы ці гаевіцы) традыц. лац. пісьмо, адаптаванае да гукавога складу мовы ўвядзеннем дыякрытычных знакаў і стварэннем дыграфаў.

Літ.:

Булахов М.Г. Славянские языки: происхождение, история, современное состояние. Мн., 2001.

Л.​В.​Лявонава.

т. 16, с. 548

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)